0af1d55e     

Бородулин Рыгор - Здубавецьця (Кнiга) (На Белорусском Языке)



Рыгор Барадулiн
Здубавецьця
(кнiга)
Замест уступу
Рагацьцё (замалёўкi)
Прыбабунькi (дражнiлкi, хуткамоўкi)
Загадкi
Словы матчыны з Вушаччыны (прымаўкi, прыказкi)
Я сваю Марынку хоць пасярод рынку! (папеўкi)
Замест уступу
(кнiга "Здубавецьця")
А вушацкiя ведалi смак
У вусiм,
Бо жыцьцё любiлi.
Слова,
Як на Вялiчка мацак,
Правяралi на зуб -
Зубiлi.
Рэчы ўсе называлi так,
Як назвацца хацелi рэчы.
Кожны быў
Так кахаць мастак,
Каб на печы
Ня зяблi плечы.
Мерзьлi ногi ад сала,
Каб
Разьлятаўся на трэскi ложак.
I ня толькi словам да скаб
Працiналi.
Быў жарт, як вожык.
Спосабам,
Што шукаў iх сам,
Праганялi далей хваробы,
I бяз спонсараў,
Бяз рэклам
Страт ня мелi
Майстры-дзецяробы:
Дзяўчаты, дзяўчаты,
Цi ўсе вы пачаты,
Каторая не,
Падыходзь да мяне!
З тых,
Хто звык хадзiць нацянькi,
Кпяць спрадвеку жанкi й дзядзькi,
Разгаўляюцца словам скаромным
I ня лiчаць яго бессаромным.
На палiцах навукi здаўна
Ня прыстала пылiцца ўзорам.
Хай завецца фалiчным фальклорам
Сьмех здаровы,
Шурпатасьць радна.
Ведай, мудры чытач,
Нi фалiчным,
Нi палiчным з палiцаў
Ня лiчым
Наш запал.
Як няма самагонкi,
Пi здароў, пi з даёнкi.
Да дна!
У кнiзе захоўваецца аўтарскi правапiс
Рагацьцё
(кнiга "Здубавецьця")
Вушацкiя называюць усё абы як сабранае, выдуманае й нявыдуманае, нiшто й
нешта, прастакаватае й хiтраватае, вясёлае й сумнаватае адным словам
"здубавецьця".
Адзiн
На стол гаспадыня паставiла варыва. Сын першы чарэпнуў лыжкай, сербануў i
заплакаў.
- Чаго ты, сынок, плачаш? - пытаецца бацька.
- Што я ў цябе адзiн...
- Ня плач. Адзiн ды ладзiн.
Бацька сьмела чарэпае. Варам абдае ўсё ў роце.
- Адзiн ты ў мяне, каб ты быў апошнi...
Сумеў
Была талака ў пана. Усё зрабiлi. Ну, пан i трактуе талакоўцаў. Сталы
ломяцца ад закусi. Толькi там-сям сiрацеюць пляшкi з дарагiм пiтвом. Трохi
выпiлi, нешта ўкусiлi. Сумна разышлiся.
I была талака ў беднага мужыка. Той на пачастунак нагнаў самагонкi,
мацнейшай за самую заядлую лаянку. А на закусь - напарыў рэпы. Упiлiся як не
да сьмерцi. Нехта шыю скруцiў, нехта нагу вывернуў, некаму нос ледзьве не
адкусiлi. Прыйшоўшы ў сябе, доўга ўспамiналi ды прыгаворвалi: "Хоць бядняк, а
сумеў жа людцаў прывецiць!"
Давай Макеенку
У Вушачы быў славуты савецкi служачы Макеенка. Славуты тым, што выпiваў 25
куфляў пiва. I, казалi, калi заходзiў у раку, яшчэ ў тыя часiны глыбокую, вада
сама трымала яго наплыву, як мячык. I яшчэ славуты быў як спец па жанчынах.
Жонка павяла карову да быка ў калгас прыгарадны, якi сваёй галечай
апраўдваў назву, у "Пралетарыю". Працаўнiк каровiнага загса ня бачыць, хто
прывёў карову, дый пытаецца, а цi здаровая карова, цi дужага быка трэба, а з
вулiцы прыёмшчыца адказвае, што здаровая. Тады злучнiк-разлучнiк крычыць:
- Давай ёй Макеенку!
Голас аглаблiны
Сталiнская дэмакратыя. Кулакоў ды шмат каго яшчэ пазбавiлi права голасу ў
камедыi выбараў. Едзе заможнiк. Iдзе дзядзька зь бяднейшых. Заможнiк як ехаў
ды з разгону яму аглаблiной у плечы. Ня збочыў.
- Ты чаго, класавы вораг! Ня мог крыкнуць? - мацюкаецца хадак.
- Я права голасу лiшон...
Яна не сама сябе прыдумала прымаўка: дурны як аглоблi...
Мая таксама
У аднаго чалавека было шмат дзяцей. I ўсе - дочкi. А жанiхоў няма. У сябра
ягонага таксама адны дочкi незамужнiя. Жылi ў розных вёсках, далекавата.
Бачылiся рэдка. Сустракаюцца, здароўкаюцца. I адразу:
- Цi ведаеш, Стахван, якое гора ў мяне?
- Не кажы,Селiвей, мая таксама нарадзiла.
Дзецяроб
У багатых-забагатых бацькоў была д



Содержание раздела